|
9 сакавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася імпрэза, прысвечаная Дню нараджэння народнага паэта Украіны Тараса Шаўчэнкі. На ўрачыстае мерапрыемства прыйшлі прадстаўнікі пасольстваў і паэты, навукоўцы і літаратуразнаўцы, ды ўвесь люд, што любіць украінскага Кабзара і не застаецца раўнадушным да яго твораў. Далучылася да святкавання народзінаў украінскага генія і жаночая каманда па футболе з Івана-Франкоўска, якая, прыехаўшы на міжнародны турнір у Мінск, на наступны ж дзень павінна была змагацца за перамогу з беларускімі футбалісткамі.
Але ж на літаратурна-музычным вечары панавала сяброўская і вельмі ўтульная атмосфера. Пачынаў імпрэзу саветнік Пасольства Украіны ў Беларусі Анатоль Шчэрбацюк. Ён ў сваім вітальным слове падзякаваў беларусам за тое, з якой увагай і любоўю ставяцца яны да творчасці народнага паэта Украіны і як шануюць яго слова. I, сапраўды, усе паэты і навукоўцы, якія выступалі на вечарыне з прамовамі, імкнуліся не проста данесці карысную і цікавую інфармацыю да прысутных, а асабіста прызнацца ў любові да Тараса Шаўчэнкі.
Так, Вячаслаў Рагойша падкрэсліў, што “Тарас Рыгоравіч любіў Украіну больш за Бога”.
Васіль Жуковіч шчыра прызнаўся: ён дапускае думку, што геній можа быць халаднаватым, але “гэта не тычыцца Тараса Шаўчэнкі, які быў няўрымслівы, узрушальны, палымяны, і таму так любяць яго не толькі на Украіне”.
Аксана Спрынчан, вядучы навуковы супрацоўнік “Беларускай энцыклапедыі”, паведаміўшы аб тым, што ў энцыклапедыі “Гісторыя Беларусі” імя ўкраінскага паэта сустракаецца больш за сорак разоў, падзялілася цікавымі звесткамі, што нават у сухіх энцыклапедычных даведніках у дачыненні да Тараса Шаўчэнкі дазваляўся эпітэт “геніяльны”. I што хутка зноў імя класіка літаратуры з'явіцца ў новым энцыклапедычным даведніку, прысвечаным Максіму Багдановічу.
“Зборнікам твораў украінскага песняра адкрылася серыя “Скарбы сусветнай літаратуры”, — адзначыў паэт і перакладчык Тараса Шаўчэнкі Васіль Зуёнак. “Колькі вершаў Кабзара мы ведаем, але яго творчасць — гэта невычэрпная скарбніца”, — натхнёна сказаў паэт і ў доказ прачытаў малавядомы верш Тараса Шаўчэнкі ўласнага перакладу.
Параўнальны аналіз творчасці Янкі Купалы, які, дарэчы, быў адным з першых перакладчыкаў славутага ўкраінца, і Тараса Шаўчэнкі зрабіла ў сваім выступленні Жана Шаладонава, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, падкрэсліўшы, што і беларускі, і ўкраінскі паэты падобныя ў сваёй рамантычнай апантанасці і адданасці агульначалавечым ідэалам.
А закончыў літаратурную частку вечара Сяргей Панізнік, які аддау належнае духу свабоды ўкраінскага майстра мастацкага слова і пацвердзіў на прыкладзе, як важна зноў і зноў расказваць людзям усяго свету пра асобу і творчасць Кабзара.
Завяршылася імпрэза лірычнымі, натхнёнымі і гарэзлівымі выступленнямі ўкраінскага хору “Крыніца” і калектыву “Ватра”.
Вёў сустрэчу дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Сяргей Вечар.
Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.
(“Культура”, 11-17 сакавіка 2006 г.)
|